News
Выйшла даследаванне BIPART пра міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Беларусі і расіі
BIPART прадставіў новае даследаванне «Па-за межамі Масквы і Мінска: як уладкавана міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі». У працы аналізуюцца пагадненні, сустрэчы кіраўнікоў рэгіёнаў і дынаміка супрацоўніцтва ў 2018–2026 гадах. Даследаванне паказвае, што пасля 2022 года кантакты паміж беларускімі і расійскімі рэгіёнамі істотна актывізаваліся: калі ў 2018–2021 гадах было зафіксавана 30 двухбаковых сустрэч кіраўнікоў рэгіёнаў, то з 2022 года па ліпень 2026-га — ужо 146. Асноўнымі фактарамі росту сталі вайна Расіі супраць Украіны і наступнае ўзмацненне заходніх санкцый, якія павысілі значэнне эканамічнай кааперацыі, імпартазамяшчэння і перабудовы лагістычных ланцужкоў.

Аўтары адзначаюць, што актывізацыя кантактаў у асноўным абапіраецца на ўжо існыя сувязі, а эканамічныя інтарэсы застаюцца асновай супрацоўніцтва, нягледзячы на ўзмацненне ідэалагічнай рыторыкі. Пры гэтым міжрэгіянальныя сувязі становяцца дадатковым каналам умацавання эканамічнай залежнасці Беларусі ад Расіі. Асобная ўвага надаецца паступоваму і выбарачнаму ўключэнню акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны ў сістэму ўзаемадзеяння: гэты працэс пакуль застаецца менш інстытуцыяналізаваным, чым супрацоўніцтва з расійскімі рэгіёнамі.